ЧАРНІ́ЛЬНЫ МЯШО́К, чарнільная залоза,

орган большасці галаваногіх малюскаў. Выконвае абарончую функцыю. Складаецца са складкаватай залозістай часткі, старыя клеткі якой пры разбурэнні выдзяляюць чорны пігмент меланін, і рэзервуара, дзе назапашваецца сакрэт. Пры небяспецы сакрэт выкідваецца праз анальную адтуліну ў ваду і ўтвараецца густое чорнае воблака, за якім жывёла хаваецца. Сакрэт выкарыстоўваюць для вырабу фарбы сепіі, або кітайскай тушы.

т. 17, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)